«САЮ́З ВЫЗВАЛЕ́ННЯ БЕЛАРУ́СІ»
(«СВБ»),
справа ў 1930 ДПУ БССР супраць бел. нац. інтэлігенцыі, якую абвінавачвалі ў нацыянал-дэмакратызме, контррэв. і антысав. дзейнасці; першы масавы паліт. пазасудовы працэс у БССР. Вясной—летам 1930 было арыштавана 108 дзеячаў навукі і культуры Беларусі, у т. л. 25 былых членаў партыі бел. эсэраў: акадэмікі Бел. АН В.Ю.Ластоўскі, Я.Ю.Лёсік, С.М.Некрашэвіч, праф. А.А.Смоліч, наркомы земляробства (Дз.Ф.Прышчэпаў) і асветы (А.В.Баліцкі), пісьменнікі М.Гарэцкі, У.Дубоўка, Я.Пушча і інш. Кіраўніком арг-цыі «СВБ» быў «прызначаны» ДПУ БССР Ластоўскі, у склад яе кіраўніцтва «ўведзены» І.І.Краскоўскі, Я.Купала, Лёсік, Некрашэвіч, Смоліч, А.І.Цвікевіч і інш. Паводле пастановы калегіі АДПУ СССР ад 18.3.1931, Прышчэпаў, Баліцкі, нам. наркамзема А.Ф.Адамовіч і П.В.Ільючонак прыгавораны да 10 гадоў канцлагераў. Астатнія 86 чал. пастановай калегіі АДПУ ад 10.4.1931 асуджаны на розныя тэрміны зняволення: 8 чал. — на 5 гадоў, 1 — на 3 гады папраўча-працоўных лагераў, астатнія — на 5 гадоў высылкі ў аддаленыя раёны Сав. Саюза. Усе арыштаваныя абвінавачваліся ў тым, што «з’яўляліся членамі контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай арганізацыі «Саюз адраджэння Беларусі», у далейшым перайменаванай у «Саюз вызвалення Беларусі», ажыццяўлялі арганізаванае шкодніцтва на культурным, ідэалагічным і іншых участках сацыялістычнага будаўніцтва, праводзілі антысавецкую нацыяналістычную агітацыю, скіраваную на запавольванне тэмпаў развіцця Беларусі на сацыялістычным шляху, ставячы канчатковай мэтай адарванне Беларусі ў этнаграфічных межах ад Савецкага Саюза і стварэнне так званай Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР)». Амаль да ўсіх арыштаваных прымяняліся фіз. катаванні і маральна-псіхал. здзекі з мэтай атрымаць ад іх патрэбныя паказанні. Усе, хто праходзіў па справе «СВБ», зноў арыштаваны ў 1937—41 за «ранейшыя злачынствы», большасць з іх расстраляны ці загінулі ў канцлагерах. Некат. з удзельнікаў «СВБ» былі арыштаваны ў 1949—52 трэці раз і асуджаны на вечнае пасяленне ў Сібіры на той падставе, што былі асуджаны раней. Усе рэабілітаваны ў 1956—88 за адсутнасцю саставу злачынства. Матэрыялы справы «СВБ» складаюць 29 тамоў.
У.М.Міхнюк.
т. 14, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)